Устав учреждения образования

Государственное учреждение образования 
"Малоберестовицкая средняя школа"

Русский
Карта сайта Электронное обращение На главную

Меню

Главная Проход по ссылкам навигации

Горячие новости

 

 15.02.2017  Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

подробнее...

 

 11.02.2017  События субботы

подробнее...

 

 04.02.2017  Встреча школьных друзей

подробнее...

 

 30.01.2017  Вечер встречи выпускников

подробнее...

 

 28.01.2017  Моя семья - это ? я

подробнее...

Контактная информация

Адрес: 231780  Гродненская область, Берестовицкий район, аг. Малая Берестовица, ул. Цитаишвили, д.1А
Телефон:(01511)72032
Электронная почта: malaya@berestovica.edu.by, mberestovica@mail.ru

статистика посещений

Яндекс.Метрика

Индекс цитирования

индекс цитирования

 

ЗАЦВЕРДЖАНА

Рашэнне Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта

26.06.2015 № 285

 

 

УСТАВ

ГОСУДАРСТВЕННОГО УЧРЕЖДЕНИЯ ОБРАЗОВАНИЯ

«МАЛОБЕРЕСТОВИЦКАЯ СРЕДНЯЯ ШКОЛА»

 

 

УСТАЎ

ДЗЯРЖАЎНАЙ УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

“МАЛАБЕРАСТАВІЦКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА”

  

РАЗДЗЕЛ 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

 

1.      Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Малабераставіцкая сярэдняя школа” зарэгістравана ў Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў 5 верасня 2011 г. за рэгістрацыйным нумарам 590798922.

2.      Дзяржаўная ўстанова адукакцыі “Малабераставіцкая сярэдняя школа” (далей – Установа адукацыі) з’яўляецца дзяржаўнай установай адукацыі, якая забяспечвае навучанне і выхаванне на I, II і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. 

3.      Поўная назва Установы адукацыі:

на беларускай мове – дзяржаўная ўстанова адукацыі “Малабераставіцкая сярэдняя школа”;

на рускай мове – государственное учреждение образования «Малоберестовицкая средняя школа»;

скарочаная назва Установы адукацыі:

на беларускай мове – Малабераставіцкая СШ;

на рускай мове – Малоберестовицкая СШ.

4.      Юрыдычны адрас Установы адукацыі: вул. Цітаішвілі, 1А, 231780, аг. Малая Бераставіца, Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласць.

5.      Установа адукацыі створана ў форме ўстановы на аснове дзяржаўнай маёмасці, з’яўляецца некамерцыйнай арганізацыяй, фінансуемай з раённага бюджэту, сродкаў, атрыманых ад бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых крыніц, якія не забаронены заканадаўствам.

6.      Заснавальнікам Установы адукацыі з’яўляецца Бераставіцкі раённы выканаўчы камітэт (далей – Заснавальнік), органам, упаўнаважаным кіраваць Установай адукацыі, з’яўляецца аддзел адукацыі, спорту і турызму Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта (далей – Упаўнаважаны орган).

7.      Маёмасць Установы адукацыі знаходзіцца ў камунальнай уласнасці Бераставіцкага раёна і замацавана на праве аператыўнага кіравання за Упаўнаважаным органам.

8.      Установа адукацыі з’яўляецца юрыдычнай асобай, мае пячатку, штамп, можа мець фірмовыя бланкі са сваім найменнем і іншыя рэквізіты.

9.      Установа адукацыі нясе адказнасць па сваіх абавязацельствах, можа быць ісцом і адказчыкам у судзе.

10.    Установа адукацыі ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2011 г. № 283, нарматыўнымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Урада Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, рашэннямі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў і Заснавальніка, загадамі Упаўнаважанага органа, дадзеным Уставам і лакальнымі актамі Установы адукацыі.

11.  Змяненні і дапаўненні ва Устаў Установы адукацыі ўносяцца пасля іх зацвярджэння Заснавальнікам у парадку, прадугледжаным дзеючым заканадаўствам.

12.    Установа адукацыі падтрымлівае дзейнасць маладзёжных і дзіцячых арганізацый (аб’яднанняў), якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Забараняецца ўтварэнне і дзейнасць палітычных партый, іншых грамадскіх арганізацый (аб’яднанняў), якія маюць палітычныя мэты, а таксама ўтварэнне і ананімная ці іншая супярэчлівая заканадаўству дзейнасць рэлігійных арганізацый.

13.    Установа адукацыі мае права ажыццяўляць міжнароднае супрацоўніцтва ў адпаведнасці з заканадаўствам.

14.    Установа адукацыі забяспечвае накапленне, улік, захоўванне і выкарыстанне архіўных дакументаў у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства.

 

РАЗДЗЕЛ 2

ПРАДМЕТ, МЭТЫ, АСНОЎНЫЯ ЗАДАЧЫ ДЗЕЙНАСЦІ ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

 

15.    Прадметам дзейнасці Установы адукацыі з’яўляецца рэалізацыя адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, праграмы выхавання і абароны праў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

16.    Асноўныя мэты Установы адукацыі:

рэалізацыя дзяржаўных адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі;

фарміраванне адукаванай, сацыяльна, духоўна і маральна сталай, творчай асобы, павагі да правоў і свабод чалавека, любові да Радзімы, сям’і;

фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця.

17.    Задачы дзейнасці Установы адукацыі:

духоўнае і фізічнае развіццё вучняў;

павышэнне якасці адукацыі праз індывідуалізацыю навучання;

прымяненне новых форм і метадаў навучання і выхавання;

авалодванне вучнямі асновамі навук, дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь, навыкамі разумовай і фізічнай працы;

фарміраванне культуры паводзін, эстэтычнага густу;

захаванне і ўмацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя вучняў;

выхаванне беражлівых і адказных адносін да ўласнага здароўя і здароўя іншых грамадзян, фарміраванне гігіенічных навыкаў і здаровага ладу жыцця;

падрыхтоўка маладога пакалення да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, у тым ліку да атрымання далейшай адукацыі, працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця;

выхаванне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

 

РАЗДЗЕЛ 3

АСНОЎНЫЯ ХАРАКТАРЫСТЫКІ АРГАНІЗАЦЫІ АДУКАЦЫЙНАГА І ВЫХАВАЎЧАГА ПРАЦЭСАЎ

 

18.    Навучанне і выхаванне ва Установе адукацыі вядзецца на беларускай мове. Абавязковай для вывучэння замежнай мовай з’яўляецца англійская мова.

19.    Справаводства ва Установе адукацыі вядзецца на беларускай мове.

20.    Арганізацыя адукацыйнага працэсу ва Установе адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі, тыпавым вучэбным планам, вучэбнымі праграмамі, распрацаванымі і зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. На аснове тыпавога вучэбнага плана, зацверджанага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі распрацоўвае асабісты вучэбны план, які зацвярджаецца дырэктарам і ўзгадняецца з Упаўнаважаным органам.

21.    Вывучэнне вучэбных прадметаў ва Установе адукацыі ажыццяўляецца на базавым узроўні. Вучні з улікам меркавання іх законных прадстаўнікоў, зыходзячы з іх схільнасцей, жаданняў і стану здароўя могуць вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні на факультатыўных занятках у межах колькасці гадзін на правядзенне факультатыўных заняткаў, устаноўленай вучэбным планам Установы адукацыі.

22.    Установа адукацыі забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, функцыяніруе ў саставе І–XI класаў і ажыццяўляе навучанне і выхаванне на I, II і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі:

І ступень – пачатковая адукацыя (І – ІV класы);

ІІ ступень – базавая адукацыя (V – IX класы);

ІІІ ступень – сярэдняя адукацыя (X – XI класы).

Агульная пачатковая адукацыя – I ступень (тэрмін навучання 4 гады) з’яўляецца часткай абавязковай базавай адукацыі. Навучанне на гэтай ступені забяспечвае развіццё асобы вучня, фарміраванне яго першапачатковага погляду на прыроду, чалавека, грамадства. У працэсе навучання вучні атрымліваюць неабходныя ўменні і навыкі вучэбнай дзейнасці, чытання, пісьма, лічэння, авалодваюць элементамі тэарэтычнага мыслення, мастацка-эстэтычнай, практычнай дзейнасці, культуры мовы і паводзін, асновамі асабістай гігіены, здаровага ладу жыцця.

Агульная базавая адукацыя – II ступень (тэрмін навучання пяць гадоў) з’яўляецца абавязковай.

Навучанне на I II ступенях забяспечвае засваенне асноў навук, далейшае станаўленне асобы вучня, развіццё яго здольнасцей і схільнасцей, фарміраванне навуковага светапогляду, авалоданне сацыяльнымі, культурнымі, маральнымі нормамі і правіламі.

Агульная сярэдняя адукацыя – III ступень (тэрмін навучання два гады) дае права на прадаўжэнне адукацыі на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

23.    Для навучання і выхавання дзеці аб’ядноўваюцца ў класы (1–11).

Класы камплектуюцца з ліку дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Дзеці, якія не пражываюць на гэтай тэрыторыі, могуць быць залічаны ва Установу адукацыі пры наяўнасці свабодных месцаў.

24.    Навучанне хворых дзяцей, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і дзяцей-інвалідаў можа ажыццяўляцца дома па індывідуальных вучэбных планах ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі Республікі Беларусь.Залічэнне вучняў ў класы інтэграванага (сумеснага) навучання і выбар праграмы навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ажыццяўляецца са згоды іх законных прадстаўнікоў на падставе заключэння цэнтра карэкцыйна-развіцёвага навучання і рэабілітацыі. Арганізацыя індывідуальнага навучання хворых дзяцей дома ажыццяўляецца на падставе заявы іх законных прадстаўнікоў і заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі ўстановы аховы здароўя “Бераставіцкая цэнтральная раённая бальніца”.

Арганізацыя і функцыянаванне пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, класаў інтэграванага навучання ва Установе адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

25.    Ва Установе адукацыі для вучняў І–IV класаў працуе група падоўжанага дня ў адпаведнасці з Палажэннем аб групах прадоўжанага дня ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 28 ліпеня 2011 г. № 201. Напаўняльнасць групы падоўжанага дня – 20–25 чалавек.

26.    Падрыхтоўка дзяцей да навучання ва Установе адукацыі ажыццяўляецца ў дашкольнай навучальнай установе. Для дзяцей, якія не наведваюць дашкольную навучальную ўстанову, падрыхтоўка да навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на спецыяльна арганізаваных занятках у перыяд летніх канікул у адпаведнасці з вучэбным планам і па вучэбнай праграме, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

27.    Прыём дзяцей ва Установу адукацыі ажыццяўляецца без уступных экзаменаў. Прыём асобы для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на падставе яе заявы пры прад’яўленні ёю пасведчання аб нараджэнні або дакумента, што сведчыць пра асобу, і медыцынскай даведкі аб стане здароўя, ад імя непаўналетняга заява можа быць пададзена яго законным прадстаўніком.

28.    У І клас прымаюцца асобы, якім на 1 верасня адпаведнага навучальнага года спаўняецца шэсць і болей гадоў. Па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці дапускаецца прыём у І клас асобы, якой шэсць гадоў спаўняецца ў перыяд з 1 па 30 верасня адпаведнага навучальнага года.

Для прыёму дзяцей ў I клас законныя прадстаўнікі ў перыяд з 1 чэрвеня па 30 жніўня падаюць заяву на імя дырэктара Установы адукацыі і прадастаўляюць наступныя дакументы:

копію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці;

даведку аб стане здароўя.

Рашэнне аб залічэнні дзяцей у школу для навучання ў I класе афармляецца загадам дырэктара Установы адукацыі не пазней за 31 жніўня і даводзіцца да іх законных прадстаўнікоў.

29.    Прыём у парадку пераводувучня з іншай навучальнай установы для навучання ў адпаведным класе на I і II ступенях агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на падставе заявы вучня або яго законных прадстаўнікоў, асабовай карткі вучня і даведкі аб стане здароўя.

Рашэнне аб залічэнні вучня ва Установу адукацыі ў парадку пераводу для навучання ў адпаведным класе афармляецца загадам дырэктара Установы адукацыі не пазней за тры дні з дня падачы заявы і даводзіцца да вучня або яго законных прадстаўнікоў.

30.    Прыём асоб ва Установу адукацыі для навучання ў адпаведным класе на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на падставе асабістай заявы на імя дырэктара Установы адукацыі і наступных дакументаў:

пасведчання аб агульнай базавай адукацыі;

даведкі аб паспяховасці, даведкі аб навучанні (акадэмічнай даведкі) – для асоб, адлічаных з устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі;

даведкі аб стане здароўя.

Дырэктар Установы адукацыі не мае права адмовіць у залічэнні ў Х клас асобам, якія атрымалі агульную базавую адукацыю ў дадзенай Установе адукацыі.

Рашэнне аб залічэнні асоб ва Установу адукацыі для навучання ў адпаведным класе на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі афармляецца загадам дырэктара Установы адукацыі не пазней 31 жніўня, а асоб, адлічаных з устаноў, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі, не пазней трох дзён з дня падачы заявы і даводзіцца да залічаных асоб.

31.    Вучні адлічваюцца з Установы адукацыі:

у сувязі з завяршэннем навучання на ўзроўні агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі;

у сувязі з пераводам у іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы або ва ўстановы, якія забяспечваюць атрыманне прафесіянальна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі;

па асабістым жаданні ў сувязі з пераходам на самастойную форму атрымання адукацыі.

32.    Адлічэнне вучняў з Установы адукацыі афармляецца загадам дырэктара Установы адукацыі з указаннем падставы і даводзіцца да вучняў або іх законных прадстаўнікоў.

33.    Асноўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца вучэбны занятак: урок, назіранне, экскурсія і іншы занятак.

Вучэбныя заняткі праводзяцца ў адну змену. Дадаткова праводзяцца факультатыўныя, стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі, працоўная практыка, вучэбна-палявыя зборы, медыцынская практыка, грамадска карысная праца.

Факультатыўныя заняткі – заняткі, накіраваныя на павышэнне ў вучняў інтарэсу да вывучаемых вучэбных прадметаў, паглыбленне іх зместу, актывізацыю пазнавальнай дзейнасці, інтэлектуальнай, духоўнае і фізічнае развіццё, падрыхтоўку да самастойнага жыццёвага выбару, пачатку працоўнай дзейнасці і прадаўжэнне адукацыі.

Факультатыўныя заняткі, як правіла, праводзяцца да пачатку або пасля завяршэння ўрокаў. Факультатыўныя заняткі ў XI  класах могуць праводзіцца ў шосты школьны дзень. Напаўняльнасць групы для арганізацыі факультатыўных заняткаў павінна складаць не менш за тры вучні. Саставы груп для правядзення факультатыўных заняткаў зацвярджаюцца загадам дырэктара Установы адукацыі. Факультатыўныя заняткі плануюцца асобным раскладам, што зацвярджаецца дырэктарам Установы адукацыі.

Стымулюючыя заняткі – заняткі, накіраваныя на развіццё творчых здольнасцей адораных і таленавітых вучняў.

Падтрымліваючыя заняткі – заняткі, накіраваныя на пераадоленне цяжкасцей у вывучэнні вучэбных прадметаў (асобных тэм вучэбных праграм па вучэбных прадметах) вучнямі.

Грамадска карысная праца – заняткі, накіраваныя на фарміраванне ў вучняў працоўных уменняў і навыкаў.

34.    Змест адукацыі вызначаецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у рамках абавязковай часткі вучэбнага плана, а таксама вучэбнага плана Установы адукацыі ў рамках гадзін факультатыўных заняткаў, зыходзячы з жаданняў вучняў і ix законных прадстаўнікоў, магчымасцей Установы адукацыі, рэгіянальных і мясцовых асаблівасцей.

Па завяршэнні навучальнага года:

з вучнямі Х класа праводзяцца абавязковыя 5-дзённыя вучэбна-палявыя зборы (юнакі) і 5-дзённая медыцынская практыка (дзяўчаты), на якія выдзяляецца па 30 вучэбных гадзін;

з вучнямі V–VIIIкласаў на працягу 5 дзён па 3 вучэбныя гадзіны на дзень праводзіцца працоўная практыка (усяго 15 вучэбных гадзін на клас). Тэрміны, парадак арганізацыі працоўнай практыкі вызначае дырэктар Установы адукацыі.

35.    У І і ІІ класах, а таксама ў III і ІV класах па вучэбных прадметах “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”, “Працоўнае навучанне”, Фізічная культура і здароўе” сістэма кантролю і ацэнкі будуецца на змястоўна-ацэначнай аснове без выкарыстання адзнакі як формы колькаснага выражэння вынікаў ацэначнай дзейнасці. Ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў у ІІІ-XI класах ажыццяўляецца па дзесяцібальнай сістэме. За кожную чвэрць і навучальны год адзнакі выстаўляюцца вучням за тры дні да заканчэння заняткаў.

36.    У ІІІ–ХІ класах вучні вядуць дзённікі, узоры дзённікаў зацвярджаюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

37.    Перавод з класа ў клас, адлічэнне вучняў, правядзенне выпускных экзаменаў ажьщцяўляецца на падставе Правілаў правядзення атэстацыі навучэнцаў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі.

38.    Ва ўсіх класах вучням выстаўляюцца за кожную чвэрць і навучальны год адзнакі па паводзінах “прыкладныя”, “здавальняючыя” або “нездавальняючыя”.

39.    Атрыманне агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі завяршаецца выпускнымі экзаменамі, якія праводзяцца ў адпаведнасці з парадкам, устаноўленым Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

40.    Вучні, якія паспяхова завяршылі агульную базавую адукацыю, атрымліваюць пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі, а вучні, якія дабіліся асаблівых поспехаў у навучанні пры прыкладных паводзінах, – пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай.

Вучням, якія атрымалі агульную сярэднюю адукацыю, выдаецца атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, а выпускнікам, якія дабіліся асаблівых поспехаў у навучанні пры прыкладных паводзінах, – атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асобага ўзору з уручэннем залатога або сярэбранага медаля.

Вучні, якія вызначыліся ў вывучэнні асобных прадметаў, узнагароджваюцца пахвальным лістом “За асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

41.    Педагагічны савет Установы адукацыі можа прымаць рашэнне аб маральным стымуляванні вучняў і іх законных прадстаўнікоў за поспехі ў навучанні і выхаванні, удзел у грамадскай дзейнасці.

42.    Выхаванне вучняў ажыццяўляецца ў працэсе навучання, пазакласнай і пазашкольнай дзейнасці.

43.    Змест i сістэма выхаваўчай работы ва Установе адукацыі будуецца на гуманных адносінах да асобы вучня з улікам яго магчымасцей, інтарэсаў, здароўя. У выхаваўчай рабоце з вучнямі ўдзельнічаюць педагогі ўстановы адукацыі, законныя прадстаўнікі вучняў, грамадскасць.

44.    Арганізацыйна-выхаваўчую работу ў класе ажыццяўляе настаўнік, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка.

45.    Асноўнымі накірункамі выхаваўчай работы ва Установе адукацыіз’яўляюцца:

фарміраванне духоўна і маральна сталай, творчай асобы на аснове нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей;

выхаванне грамадзяніна і патрыёта;

выхаванне павагі да сябе і да другіх людзей, сям’і, традыцый і звычаяў беларускага народа, культуры іншых нацыянальнасцяў;

педагагічная і псіхалагічная падтрымка ў сацыяльным развіцці асобы;

развіццё пачуцця калектывізму;

авалодванне навыкамі бяспечных і культурных паводзін, здаровага ладу жыцця;

фарміраванне экалагічнай культуры;

псіхолага-педагагічная прафілактыка неадэкватных паводзін вучняў.

46.    Ва Установе адукацыі ствараецца сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба, якая працуе ў адпаведнасці з Палажэннем аб сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службе ўстановы адукацыі.

47.    Установа адукацыі мае права на правядзенне эксперыментальнай і інавацыйнай работы па адпаведных напрамках яе дзейнасці ва ўстаноўленым Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь парадку.

48.    Арганізацыя метадычнай работы.

Педагагічная дзейнасць мае значэнне для ўсяго грамадства і патрабуе ад настаўніка глыбокіх ведаў і майстэрства, прадугледжвае сістэматычную і бесперапынную работу па павышэнні кваліфікацыі педагогаў.

Метадычная работа рэалізуецца намаганнямі адміністрацыі Установы адукацыі па стварэнні неабходных умоў для эфектыўнага навучання і дазваляе педагогам прысвяціць сябе выкананню сваіх прафесійных задач.

Метадычная работа ва Установе адукацыі прадугледжвае такія мерапрыемствы, якія дазволяць педагогам павышаць сваю кваліфікацыю, змяняць і пашыраць поле сваёй дзейнасці, знаёміцца з навейшымі дасягненнямі ў галіне свайго прадмета і ў методыцы яго выкладання.

Вынікі вучэбна-метадычнай работы абмяркоўваюцца на паседжаннях метадычных аб’яднанняў, нарадах пры дырэктару і педагагічных саветах.

49.    Арганізацыя харчавання ва Установе адукацыі ажыццяўляецца Упаўнаважаным органам ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў па ўстаноўленых нормах харчавання і грашовых нормах расходаў на харчаванне для адпаведных катэгорый вучняў. Пры неабходнасці арганізуецца дыэтычнае харчаванне. Для харчавання вучняў могуць выкарыстоўвацца прадукты з прышкольнага ўчастка і базавай гаспадаркі, сродкі, якія выдзяляюць Установе адукацыі арганiзацыі і фізічныя асобы.

50.    Адукацыйны працэс ва Установе адукацыі арганізуецца па навучальных гадах. Навучальны год дзеліцца на чвэрці.

Працягласць навучальнага года ўстанаўліваецца з 1 верасня па 31 мая.

Для вучняў на працягу навучальнага года ўстанаўліваюцца канікулы агульнай працягласцю не менш 30 дзён і летнія канікулы.

Для вучняў І–ІІ класаў у трэцяй чвэрці праводзяцца дадатковыя канікулы працягласцю 1 тыдзень.

51.    Штодзённая колькасць і працягласць вучэбных заняткаў вызначаецца раскладам вучэбных заняткаў. Расклад вучэбных заняткаў зацвярджаюцца дырэктарам, узгадняецца з прафсаюзным камітэтам Установы адукацыі.

52.  Адукацыйны працэс арганізуецца ў рэжыме шасцідзённага рабочага тыдня, які ўключае пяцідзённы вучэбны тыдзень і суботу – шосты дзень тыдня – для правядзення з вучнямі спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, працоўных і іншых выхаваўчых мерапрыемстваў.

 

РАЗДЗЕЛ 4

КІРАВАННЕ І КАНТРОЛЬ У ДЗЕЙНАСЦІ ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

 

53.  Упраўленне Установай адукацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, дадзеным Уставам і будуецца на прынцыпах адзінаначалля і самакіравання.

54.  Установу адукацыі ўзначальвае дырэктар, які ажыццяўляе непасрэднае ўпраўленне адукацыйным працэсам і бягучай дзейнасцю Установы адукацыі. Дырэктар і намеснікі дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце арганізуюць выкананне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, рашэнняў дзяржаўных органаў кіравання адукацыяй.

Дырэктар Установы адукацыі назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Заснавальнікам.

55.  Дырэктар Установы адукацыі нясе адказнасць за якасць і эфектыўнасць работы, умовы працы работнікаў, ахову правоў, жыцця і здароўя дзяцей, прадстаўляе без даверанасці інтарэсы Установы адукацыі ў дзяржаўных органах і арганізацыях, у судзе.

56.  Службовыя абавязкі дырэктара Установы адукацыі зацвярджае Заснавальнік.

57.  Атэстацыя дырэктара Установы адукацыі ажыццяўляецца ў парадку, які вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

58.  Асноўным органам самакіравання ва Установе адукацыі з’яўляецца савет.

Савет ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Палажэннем аб савеце ўстановы адукацыі, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Уставам Установы адукацыі.

Агульная колькасць членаў савета вызначаецца Уставам Установы адукацыі (складае 8 чалавек):

25 працэнтаў – прадстаўнікі вучняў Установы адукацыі, іх законных прадстаўнікоў;

75 працэнтаў – прадстаўнікі кіраўнікоў структурных падраздзяленняў Установы адукацыі, педагагічных і іншых работнікаў Установы адукацыі, мясцовых выканаўчых і распараджальных орнанаў, іншых дзяржаўных органаў, арганізацый-заказчыкаў кадраў, грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый.

Персанальны склад савета зацвярджаецца загадам дырэктара Установы адукацыі.

Тэрмін паўнамоцтваў савета складае тры гады.

Дзейнасць савета ажыццяўляецца ў адпаведнасці з планам работы, які складаецца на вучэбны год і зацвярджаецца дырэктарам Установы адукацыі пасля разгляду на пасяджэнні савета; змест плана работы вызначаецца актуальнымі задачамі, якія стаяць перад Установай адукацыі.

На пасяджэннях савета вядзецца пратакол, у якім фіксуецца ход абмеркавання пытанняў, унесеных у парадак дня, а таксама вынікі галасавання і прынятае рашэнне; кожны пратакол падпісваецца старшынёй і сакратаром.

Рашэнні савета, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь і зацверджаныя дырэктарам, з’яўляюцца абавязковымі для педагагічных і іншых работнікаў Установы адукацыі, вучняў і іх законных прадстаўнікоў.

59.  Ва Установе адукацыі ствараецца педагагічны савет і могуць стварацца апякунскі савет і бацькоўскі камітэт, дзейнасць якіх ажыццяўляецца ў адпаведнасці з палажэннямі, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

60.  Педагагічны савет з’яўляецца калегіянальным пастаянна дзейнічаючым органам, да кампетэнцыі якога адносяцца пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу, вызначэнне шляхоў рэалізацыі зместу адукацыі, правядзенне атэстацыі і выпуску вучняў, павышэнне навукова-метадычнага ўзроўню педагагічных работнікаў.

61.  Асноўнай мэтай дзейнасці апякунскага савета і бацькоўскага камітэта з’ўляецца садзеянне Установе адукацыі ў ажыццяўленні яго ўстаўных функцый, аб’яднанне намаганняў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, асобных грамадзян, накіраваных на ўмацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы, ахову здароўя, развіцце здольнасцей і талентаў вучняў Установы адукацыі, стварэнне спрыяльных умоў для выхавання, навучання, працы і адпачынку дзяцей, настаўнікаў і іншых работнікаў.

62.    Ва Установе адукацыі дзейнічае вучнёўскае самакіраванне, якое ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Палажэннем аб вучнёўскім самакіраванні, зацверджаным дырэктарам Установы адукацыі.

63.    Кантроль за дзейнасцю Установы адукацыі ажыццяўляе Упаўнаважаны орган, дзяржаўныя органы.

 

РАЗДЗЕЛ 5

УДЗЕЛЬНІКІ АДУКАЦЫЙНАГА ПРАЦЭСУ

 

  1.     У склад удзельнікаў адукацыйнага працэсу ўваходзяць: вучні, педагагічныя работнікі і законныя прадстаўнікі вучняў.

65.    Вучні маюць права на:

атрыманне адукацыі ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі;

атрыманне бясплатнай агульнай пачатковай, агульнай базавай, агульнай сярэдняй адукацыі;

атрыманне дадатковых адукацыйных паслуг, у тым ліку на платнай аснове;

выбар напрамку факультатываў;

забеспячэнне падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі;

бясплатнае карыстанне інфармацыйнымі рэсурсамі бібліятэкі, вучэбнай, вытворчай, навуковай і культурна-спартыўнай базай школы;

выбіраць і быць абранымі ў органы вучнёўскага самакіравання;

своечасовае атрыманне інфармацыі аб ацэнцы вынікаў уласнай вучэбнай дзейнасці, тэрмінах правядзення атэстацыі;

ахову жыцця і здароўя ў працэсе навучання;

заахвочванне i ўзнагароджанне за поспехі ў вучобе і прыкладныя паводзіны;

удзел грамадскіх аб’яднаннях “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”;

атрыманне харчавання на ўмовах, якія вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь;

наведванне мерапрыемстваў, якія арганізуюцца ў школе;

павагу сваёй годнасці, абарону сваіх правоў у працэссе атрымання адукацыі.

66.    Вучні абавязаны:

выконваць патрабаванні вучэбных праграм;

быць дысцыплінаванымі, клапапаціцца пра гонар класа, школы;

дастойна сябе паводзіць у школе і за яе межамі;

з павагай адносіцца да нацыянальнай гісторыі, культуры свайго і іншых народаў, захоўваць традыцыі школы,

берагчы родную прыроду i навакольнае асяроддзе, ix багацце і прыгажосць;

не шкодзіць свайму здароўю і здароўю іншых асоб;

выконваць патрабаванні настаўнікаў, іншых работнікаў школы;

выконваць Устаў і правілы ўнутранага распарадку Установы адукацыі;

строга прытрымлівацца дзелавога стылю ў адзенні.

67.    Вучням забараняецца:

мець пры сабе любыя небяспечныя прадметы;

развязваць і правакаваць бойкі ці ўдзельнічаць у іх;

не наведваць заняткаў без уважлівых прычын;

мець спіртныя напіткі, наркатычныя сродкі, ужываць ix, знаходзіцца пад ix уздзеяннем ва Установе адукацыі і на мерапрыемствах, якія ў ёй праводзяцца;

курыць у школьным памяшканні, школьным двары;

гуляць на занятках і перапынках у карты і іншыя азартныя гульні;

красці, здзяйсняць акты вандалізму, наносіць наўмысную шкоду школьнай маёмасці, уласнасці вучняў;

ігнараваць заўвагі, зробленыя настаўнікам або адміністрацыяй, праяўляючы пры гэтым грубасць і непаважлівасць;

рэгулярна не выконваць даручэнні, заданні або сістэматычна выконваць іх недобрасумленна;

карыстацца ў час заняткаў мабільнымі тэлефонамі, планшэтамі;

прыходзіць у школу без вучэбных матэрыялаў, не падрыхтаванымі да ўрокаў;

з’яўляцца на заняткі не ў адзенні дзелавога стылю.

68.  Вучні могуць быць прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Падставай для прыцягнення вучняў да дысцыплінарнай адказнасці, меры дысцыплінарнага спагнання і іх прымяненне вызначаюцца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

69.    Медыцынскае абслугоўванне вучняў ажыццяўляецца работнікамі Малабераставіцкай амбулаторыі, установы аховы здароўя “Бераставіцкая цэнтральная раённая бальніца”.

Медыцынскае абслугоўванне вучняў уключае:

медыцынскія агляды (кастрычнік, май);

мерапрыемствы па прафілактыцы захворванняў;

маніторынг стану здароўя вучняў;

кантроль за аргнізацыяй харчавання (работа грамадскай і бракеражнай камісій);

выкананне санітарных патрабаванняў, рэжыма заняткаў, аб’ёму вучэбнай нагрузкі.

70.    Педагагічныя работнікі маюць права на:

устаноўленую нарматывамі поўную педагагічную нагрузку;

гарантаваны дзяржавай узровень заработнай платы ў адпаведнасці са сваей адукацыяй, кваліфікацыяй і педагагічнай нагрузкай;

творчую ініцыятыву, выбар падручнікаў і дапаможнікаў, форм і метадаў арганізацыі навучання і выхавання, якія забяспечаць неабходную якасць адукацыі;

атэстацыю ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;

дапамогу з боку кіраўніцтва Установы адукацыі ў павышэнні свайго прафесіянальнага ўзроуню;

выбіраць і быць абранымі ў склад савета Установы адукацыі і іншыя органы самакіравання Установы адукацыі;

павагу сваей годнасці;

матэрыальныя і маральныя заахвочванні за поспехі ў педагагічнай дзейнасці і выхаванні падрастаючага пакалення;

права на абарону ад неапраўданага ўмяшання законных прадстаўнікоў вучняў у яго прафесійную дзейнасць;

штомесячную кампенсацыю расходаў на набыццё вучэбнай і метадычнай літаратуры ў парадку і на ўмовах, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

71.    Педагагічныя работнікі абавязаны:

здзяйсняць сваю дзейнасць на высокім прафесійным узроўні;

садзейнічаць выяўленню і развіццю індывідуальных творчых здольнасцей вучняў;

павышаць свой вучэбна-педагагічны ўзровень і педагагічнае майстэрства;

якасна і ў поўным аб’ёме выконваць патрабаванні вучэбных планаў і праграм, дзяржаўных адукацыйных стандартаў;

выбіраць найбольш аптымальныя тэхналогіі і формы арганізацыі адукацыйнага працэсу, улічваючы ўзроставыя асаблівасці вучняў;

фарміраваць у вучняў навыкі аналізу і арыентацыі ў сучасных сацыяльна-эканамічных працэсах;

сумленна выконваць абавязкі класнага кіраўніка, калі гэта прадугледжана загадам;

выхоўваць грамадзянскія якасці, культуру паводзін вучняў, праводзіць навучанне і выхаванне ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямi беларускага народа, выхоўваць павагу да іншых народаў;

весці прафілактычную работу па папярэджванню правапарушэнняў сярод вучняў;

весці здаровы лад жыцця і прапагандаваць яго сярод вучняў;

паважаць годнасць калег, вучняў, іх законных прадстаўнікоў;

своечасова інфармаваць законных прадстаўнікоў вучняў аб парушэнні імі Устава і правілаў унутранага распарадку Установы адукацыі;

своечасова інфармаваць законных прадстаўнікоў вучняў аб усіх відах абследаванняў вучняў і іх выніках (медыцынскіх, псіхалагічных, педагагічных і г. д.), якія праводзяцца ва Установе адукацыі;

выконваць рашэнні, прынятыя саветам Установы адукацыі, бацькоўскім камітэтам, загады, распараджэнні адміністрацыі;

72.    Адказнасць педагагічных работнікаў вызначаецца актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і службовымі інструкцыямі.

73.    Законныя прадстаўнікі вучняў маюць права:

выбіраць установу адукацыі для дзіцяці;

удзельнічаць у кіраванні Установай адукацыі праз савет Установы адукацыі, бацькоўскі камітэт;

атрымліваць інфармацыю аб усіх відах абследаванняў дзіцяці і іх выніках (медыцынскіх, псіхалагічных, педагагічных і г. д.);

абараняць законныя правы і інтарэсы дзяцей.

74.    Законныя прадстаўнікі вучняў абавязаны:

ствараць умовы, неабходныя для паўнацэннага развіцця дзіцяці;

клапаціцца аб фізічным, духоўным развіцці дзіцяці, аб яго здароўі, адукацыі і падрыхтоўцы да самастойнага жыцця ў грамадстве;

паважаць годнасць дзіцяці, не дапускаць жорсткіх адносін да яго, прыцягнення да работ, якія могуць нанесці шкоду яго фізічнаму, разумоваму і маральнаму развіццю.

75.    Законныя прадстаўнікі вучняў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь нясуць адказнасць за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей.

76.    Не дапускаецца ўмяшанне законных прадстаўнікоў вучняў у выбар педагагічнымі работнікамі метадаў навучання.

 

РАЗДЗЕЛ 6

ПАРАДАК ФАРМІРАВАННЯ ШТАТАЎ І АПЛАТЫ ПРАЦЫ РАБОТНІКАЎ

 

77.    Для забеспячэння сваей устаўнай дзейнасці Установа адукацыі наймае персанал супрацоўнікаў наступных катэгорый:

педагагічны;

адміністратыўна-гаспадарчы;

абслугоў ваючы.

78.    Педагагічныя paбoтнікі прымаюцца на ўмовах кантракта або працоўнага дагавору. Работнікі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту і маюць права на поўную пенсію, могуць прымацца на работу па працоўнаму дагавору. Права найму педагагічных работнікаў мае дырэктар Установы адукацыі па ўзгадненні з Упаўнаважаным органам.

79.    У адпаведнасці з працоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь дырэктар мае права на змены існуючых умоў працы ў сувязі з аб’ектыўнымі арганізацыйнымі ці эканамічнымі прычынамі (змяненне рэжыму працы, вучэбнай нагрузкі, сумяшчальніцтва пасад, класнага кіраўніцтва). У гэтым выпадку работнік павінен быць пісьмова папярэджаны распараджэннем дырэктара Установы адукацыі за месяц да змянення ўмоў працы.

80.    Персанал Установы адукацыі мае права на аплату працы і прэміраванне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Пры гэтым стаўкі і аклады, прадугледжаныя нарматыўнымі актамі аб парадку налічэння заработнай платы работнікаў, лічацца гарантаванымі мінімумам заработнай платы.

81.    Установа адукацыі прызнае створаныя ў працоўным калектыве органы прафсаюзаў законнымі прадстаўнікамі адпаведнай арганізацыі працоўных.

82.    Правы і абавязкі персанала вызначаюцца тыпавымі кваліфікацыйнымі характарыстыкамі пасад служачых, тарыфна-кваліфікацыйнымі характарыстыкамі работ і прафесій рабочых, нарматыўнымі дакументамі органаў дзяржаўнага кіравання і службовымі інструкцыямі, зацверджанымі дырэктарам Установы адукацыі.

83.    Педагагічныя работнікі падпарадкоўваюцца дырэктару, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце.

84.    Працоўныя адносіны і абавязкі ўсіх работнікаў Установы адукацыі рэгламентуюцца дзеючым працоўным заканадаўствам, калектыўным дагаворам, пагадненнем паміж Упаўнаважаным органам і раённым камітэтам прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, службовымі інструкцыямі.

85.    Абслугоўваючы персанал падпарадкоўваецца загадчыку гаспадаркай, які арганізye, забяспечвае і кантралюе яго работу.

86.    Узаемаадносіны паміж калектывам і адміністрацыяй будуюцца на аснове калектыўнага дагавору, які прымаецца ва ўстановленным парадку.

87.    Аплата працы работнікаў Установы адукацыі і ix матэрыяльнае стымуляванне ажыццяўляецца ў рамках фонду аплаты працы. Памер, парадак выплаты надбавак і прэмій (за прафесійнае майстэрства, творчыя поспехі, выкананне асабліва важных работ, высокія дасягненні ў працы) вызначаецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб устанаўленні надбавак iпрэміраванні работнікаў Установы адукацыі.

88.    Штатны расклад Установы адукацыі зацвярджаецца дырэктарам па ўзгадненню з Упаўнаважаным органам на аснове тыпавых штатных нормаў, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Республікі Беларусь, у межах сродкаў, выдзеленных на аплату працы.

89.    На педагагічную работу прымаюцца асобы, якія маюць неабходную вышэйшую ці сярэдную спецыяльную педагагічную адукацыю з прадстаўленнем адпаведных падцвярджаючых дакументаў.

90.    Педагагічную дзейнасць не могуць ажыццяўляць асобы:

пазбаўленыя права займацца педагагічнай дзейнасцю;

якія маюць судзімасць;

прызнаныя недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі;

якія не маюць права займацца педагагічнай дзейнасцю ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

 

РАЗДЗЕЛ 7

ФІНАНСАВАННЕ ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

 

91.    Фінансаванне Установы адукацыі ажыццяўляецца за кошт сродкаў раённага бюджэту на падставе дзяржаўных і мясцовых нарматываў фінансавання.

92.    Фінансаванне Установы адукацыі ажыццяўляецца за кошт сродкаў раённага бюджэту праз органы казначэйства. Установа адукацыі з’яўляецца атрымальнікам грашовых сродкаў, а Упаўнаважаны орган – распараджальнікам.

93.    Сродкамі фарміравання маёмасці і фінансавых рэсурсаў Установы адукацыі з’яўляюцца:

бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі;

сродкі законных прадстаўнікоў вучняў, атрыманыя ад аказання вучням платных адукацыйных паслуг;

дабрачынныя ахвяраванні фізічных і юрыдычных асоб;

даход, атрыманы ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг, а таксама другіх відаў дазволенай даходнай дзейнасці;

іншыя крыніцы фінансавання, не забароненыя законам.

94.    Установа адукацыі мае права ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даходы. Атрыманыя ад такой дзейнасці даходы і набытая за кошт іх маёмасць паступаюць у распараджэнне Установы адукацыі. Даходы, атрыманыя ад вядзення гаспадарчай дзейнасці, Установа адукацыі накіроўвае на развіццё сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы і сацыяльныя патрэбы.

95.      Установа адукацыі прапануе дадатковыя платныя адукацыйныя паслугі, якія не фінансуюцца з рэспубліканскага і раённага бюджэтаў.

96.    Парадак арганізацыі дататковых платных адукацыйных паслуг:

аказанне дадатковых платных адукацыйных паслуг школьнікам здзяйсняецца добраахвотна і са згоды законных прадстаўнікоў вучняў;

неабходнасць у платных адукацыйных паслугах вызначаецца шляхам анкетавання вучняў і іх законных прадстаўнікоў;

з законнымі прадстаўнікамі вучняў заключаецца дагавор на аказанне платных адукацыйных паслуг;

выдаецца загад па Установе адукацыі аб арганізацыі дататковыхплатных адукацыйных паслуг;

законныя прадстаўнікі вучняў аплачваюць паслугі праз аддзяленне банка і прадстаўляюць квітанцыю аб аплаце. Збор грашовых сродкаў ва Установе адукацыі забараняецца.

97.    Кошт платных адукацыйных паслуг вызначаецца цэнтралізаванай бухгалтэрыяй Упаўнаважанага органа згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь з улікам эканамічна абаснаваных затратаў, неабходных для іх аказання, і зацвярджаецца дырэктарам Установы адукацыі.

 

РАЗДЗЕЛ 8

МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЯ БАЗА ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

 

98.    Матэрыяльна-тэхнічная база Установы адукацыі фарміруецца на аснове дзейнічаючых нарматываў, з улікам забеспячэння атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, тыпу ўстановы адукацыі і форм навучання.

99.    Маёмасць, замацаваная за Установай адукацыі, адносіцца да камунальнай маёмасці Бераставіцкага раёна і знаходзіцца ў аператыўным упраўленні Упаўнаважанага органа. Установа адукацыі ў адносінах да замацаванай маёмасці ажыццяўляе ў межах, устаноўленых заканадаўствам і Упаўнаважаным органам, у адпаведнасці з мэтай дзейнасці і прызначэннем маёмасці, упраўленне ёю і выкарыстанне.

100.  Матэрыяльна-тэхнічная база Установы адукацыі эксплуатуецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі правілаў тэхнікі бяспекі i санітарна-гігіенічнымі нормамі.

101.  Асноўныя падраздзяленні Установы адукацыі:

кабінеты, спартыўная зала, актавая зала;

майстэрні тэхнічнай працы, прышкольны ўчастак;

музей.

Малабераставіцкая сельская інтэграваная бібліятэка з’яўляецца абавязковым структурным падраздзяленнем, якая садзейнічае працэсу навучання івыхаваннявучняў, павышэнню кваліфікацыі работнікаў.

102.  Для ўмацавання сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы Установа адукацыі выкарыстоўвае пазабюджэтныя сродкі ад:

аказання платных паслуг;

рэалізацыі прадукцыі з прышкольнага ўчастка;

здачы металалому, макулатуры;

удзелу ў сельскагаспадарчых работах.

103.    Работнікі Установы адукацыі, вучні і іх законныя прадстаўнікі ўадпаведнасці з заканадаўствам нясуць матэрыялъную адказнасць за пашкоджанне памяшканняў і пабудоў, вучэбнага абсталявання, інвентару і іншай маёмасці ўстановы адукацыі.

 

РАЗДЗЕЛ 9

ФОРМЫ ДЗЯРЖАЎНЫХ СТАТЫСТЫЧНЫХ СПРАВАЗДАЧ

 

104.  Аператыўны і бухгалтарскі ўлік вынікаў дзейнасці Установы адукацыі ажыццяўляе цэнтралізаваная бухгалтэрыя Упаўнаважанага органа на дагаварной аснове. Цэнтралізаваная бухгалтэрыя Упаўнаважанага органа прадстаўляе ва ўстаноўленным парадку статыстычную справаздачнасць, а таксама аператыўную інфармацыю аб выніках гаспадарчай дзейнасці Установы адукацыі.

105.  Пісьмовая справаздачнасць вышэйстаячым органам упраўлення прадстаўляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі органаў дзяржаўнай статыстыкі Рэспублікі Беларусь.

106.  За непрадстаўленне і скажэнне дзяржаўнай справаздачнасці, парушэнне тэрмінаў яе прадстаўлення службовыя асобы нясуць устаноўленную заканадаўствам адказнасць.

107.  Рэвізія дзейнасці Установы адукацыі праводзіцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

 

РАЗДЗЕЛ 10

ПАРАДАК РЭАРГАНІЗАЦЫІ І ЛІКВІДАЦЫІ ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

 

108.  Рэарганізацыя і ліквідацыя Установы адукацыі ажыццяўляецца Заснавальнікам у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

109.  У выпадку рэарганізацыі або ліквідацыі Установы адукацыі, якія здзяйсняюцца, як правіла, у канцы навучальнага года, Упаўнаважаны орган бярэ на сябе адказнасць за перавод вучняў па ўзгадненні з іх законнымі прадстаўнікамі ў іншыя ўстановы адукацыі.

110.  Пры рэарганізацыі Установы адукацыі (зліцці, далучэнні, раздзяленні, выдзяленні, пераўтварэнні) яе Устаў страчвае сілу.

 

РАЗДЗЕЛ 11

ПАРАДАК УНЯСЕННЯ ЗМЯНЕННЯЎ І ДАПАЎНЕННЯЎ ВА ЎСТАЎ

 

111.  Змяненні і дапаўненні ва Уставе не павінны супярэчыць заканадаўству ў галіне адукацыі.

112.  Змяненні і дапаўненні прымаюцца на педагагічным савеце і даводзяцца да ведама вучняў і іх законных прадстаўнікоў.

113.  Змяненні ва Уставе зацвярджаюцца і рэгістрыруюцца Заснавальнікам.

114.  Змяненні і дапаўненні набываюць сілу з моманту іх зацвярджэння і рэгістрацыі.